Спаборніцтва пад такой назвай сярод сямі дзяўчатак ладзілася ўпершыню ў межах фестывалю «Гарадоцкі Парнас».
Нездарма нашы продкі лічылі, што доўгая каса — сімвал дзявочай прыгажосці. Маленькія гарадакчанкі, нібы тыя яскравыя кветачкі, расказвалі пра сябе на сцэне і сваёй непаўторнай харызмай скаралі сэрцы прысутных і зрывалі гучныя авацыі. Таксама ў межах конкурсу яны падрыхтавалі прыгожыя вяночкі — лепшы атрыбут, які падкрэслівае прывабнасць доўгай касы.
Але ж спаборніцтва ёсць спаборніцтва, таму ў выбары пераможцы дапамагло кампетэнтнае журы. Так, у намінацыі «Міс Творчасць» перамагла Анастасія Дзясятнікава, «Міс Фантазія» стала Паліна Грыгор’ева, «Міс Арыгінальнасць» — Сафія Ушанёва, «Міс Прывабнасць» — Дар’я Ціханава, «Міс Зачараванне» — Варвара Еўдакімава, «Міс Грацыя» — Анжаліка Бондарава. І, нарэшце, званне «Міс «Доўгая каса — дзявочая краса» атрымала Аляксандра Паршонак (на здымку).
Падчас фотасесіі мы крыху бліжэй пазнаёміліся з Аляксандрай. Яна нарадзілася на Гарадоччыне. І нават пасля пераезду ў сталіцу нашай краіны кожнае лета бывае ў Гарадку — вядома ж, тут усе родныя і любімыя людзі. Дарэчы, дзяўчынка — вельмі творчая асоба, нават у школе вучыцца з мастацкім ухілам. Што ж датычыцца прывабнай касы, даўжыня якой складае, на хвіліначку, каля 110 см, то гэта ў нейкай ступені сямейная традыцыя. Некалі доўгія косы былі ў бабулі, пасля — у маці Сашы, а цяпер і сама дзяўчынка апынулася пераможцай конкурсу.
Зразумела, што прыгажосць, а тым больш такая, патрабуе асаблівага догляду. Паспрабуй ты расчасаць і заплесці гэткія косы, але нездарма ж часта кажуць: прыгажосць патрабуе ахвяр…
Рэдакцыя раённай газеты выказвае ўдзячнасць адміністрацыі Гарадоцкага ГДК за прадастаўленыя для фотасесіі касцюмы.
Юлія РУДЗЯКОВА.