Вучыць любіць зямлю бацькоў

Память

Гісторыя пішацца па-рознаму. Яе вехі фіксуюцца ў дакументах, пісьмовых і вусных помніках, творах мастацтва, а таксама ў звычайных побытавых рэчах. Так званыя «бабуліны куфры» папаўняюць нашу музейную экспазіцыю «Беларуская хатка» ў ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Гарадка імя А.П. Сабалеўскага».


У музеі шырока прадстаўлены разнастайныя вырабы народных промыслаў — ткацтва, ганчарства, пляценне з лыку, лубу, саломы, вырабы мясцовых бондараў. Музейныя экспанаты, якія асабліва прыкоўваюць увагу вучняў, становяцца прадметам іх даследаванняў. Вучні Арсеній Кудраўцаў і Яўген Шлаганаў зацікавіліся дубовымі начоўкамі і сталі даследаваць іх «лёс». Пра гэты экспанат шмат цікавага ім распавяла Аліна Янушэўская з вёскі Філімонава Даўгапольскага сельсавета. Яе дзед Герасім Герасіменка зрабіў начоўкі сто гадоў таму з векавога дуба, які рос каля сядзібы.
Наступны накірунак у музейнай дзейнасці — адраджэнне хрысціянскіх традыцый. Вучаніца IX класа Ладохіна Дар’я пад кіраўніцтвам настаўніцы Іны Паўлаўны Казловай займалася стварэннем навукова-даследчай працы «Гарадоччына праваслаўная». Пасля вывучэння гісторыка-дакументальнай хронікі края і яе духоўнай спадчыны дзяўчына стварыла гліняныя мадэлі праваслаўных храмаў раёна. Тэма даследавання сапраўды актуальная, бо ў наш час дзяржава, грамадства і царква аб’ядноўваюць свае намаганні, каб дасягнуць важнай мэты — выхаваць духоўна багатую асобу, якая шануе мінулае, ганарыцца сучасным і дбае пра будучыню.

Людміла ЛЯЎШОВА,
кіраўнік комплекснага музея ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Гарадка імя А.П. Сабалеўскага».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *