9 красавіка ў Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі адбылася выстава карцін выкладчыкаў кафедры выяўленчага мастацтва МГФ ВДУ імя П.М. Машэрава «Традыцыі і сучаснасць».
У аглядавай зале сабраліся госці з Віцебска і сапраўдныя прыхільнікі таленту і хараства.
Падчас афіцыйнай часткі дырэктар музея Крысціна Нікалаева прадставіла арганізатараў выставы — дэкана мастацка-графічнага факультэта Алену Сакалову, загадчыка кафедры выяўленчага мастацтва Дзмітрыя Сянько, выкладчыкаў Генадзя Ісакава і Вадзіма Осіпава, які з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў.
А. Сакалова адзначыла, што выстава прысвечана 110-годдзю ВДУ, а таксама 60-годдзю старэйшага, адзінага ў краіне факультэта. «Прадстаўленыя працы, безумоўна, прыйдуцца даспадобы дарослым і юным наведвальнікам. Мы шчыра зацікаўлены ў пошуку таленавітай моладзі, якой зможам перадаць багаты вопыт і натхніць на новыя ідэі», — дадала дэкан факультэта.
Марына Здольнікава, намеснік старшыні Гарадоцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях, падзякавала за магчымасць дакрануцца да мастацтва вобразаў і сэнсу і паабяцала падтрымліваць далейшае супрацоўніцтва і заахвочваць навучэнцаў да паступлення на ўнікальны факультэт. Наш зямляк Вадзім Осіпаў даў агульную характарыстыку экспазіцыі, дзе кожны экспанат спалучае ў сабе класічны падыход і сучасныя тэхнікі і прыёмы. Прысутныя мелі магчымасць натхніцца жывапісам і партрэтамі, выкананымі акварэллю, акрылам, алеем. Разважаючы над вобразамі, кожны адчуў нешта блізкае свайму стану.
Выстава будзе доўжыцца да 30 красавіка.
Юлія ПРЫШЧЭПА.