У кожнага чалавека ёсць свае скарбы. Аднак заўжды большае месца ў сэрцы займаюць зусім не матэрыяльныя багацці, а духоўныя. Не столькі дарагая сэрцу рэч, колькі яе гісторыя і ўспаміны, якія яна захоўвае. Жыхарка аг. Даўгаполле Валянціна Іванаўна Шэндзелева падзялілася з Гарадоцкім краязнаўчым музеем скарбамі, якія збірала на працягу ўсяго жыцця.
— Нават і не ведаю з чаго пачаць, — з запалам прагаварыла жанчына, сустракаючы карэспандэнта газеты і супрацоўніка музея Любоў Міхайлаўну Паўловіч. — У мяне шмат чаго ёсць вам расказаць і паказаць.
На сам рэч, гісторыя жыцця жанчыны даволі цікавая. Яна нарадзілася ў в. Байцарава Гарадоцкага раёна. Роднай маці, Міхеевай Паліны Міхайлаўны, не стала, калі дзяўчынцы не было і двух гадоў, але з часам тата, Трыфанаў Іван Сямёнавіч, прывёў у дом другую жачыну — Варвару Ягораўну, якая і выхоўвала гераіню нашага матэрыла.
— Варвара была даволі граматнай, нават казалі, што яна з нейкага вядомага роду, — адзначае суразмоўца. — А бацька заўжды быў для мяне прыкладам сапраўднага мужчыны, у маіх вачах ён быў самым лепшым. Ды і на самай справе слава аб ім гучала далёка за межамі роднай вёскі, бо ён быў і цесляром, і будаўніком, і паляўнічым. Нават зарабляў на сваім майстэрстве, прадаючы вырабы на кірмашы і мясцовым жыхарам.
— Я скончыла толькі пяць класаў, а пасля пайшла працаваць, — узгадвае жанчына. — У 1971 г. выйшла замуж. Там даволі цікавая гісторыя атрымалася, бо жаніх прыехаў сватаць іншую дзяўчыну, але нешта яны не змаглі дамовіцца, і хлопец запрыкмеціў мяне. Усё адбылося так, як мне некалі наваражыла адна жанчына.
Каля трыццаці гадоў Валянціна Іванаўна пражыла з мужам Васілём Міхайлавічам Саламаха ў Вялікіх Стайках, а калі яго не стала, пераехала ў Даўгаполле. Аднак, нават змяняючы месца жыхарства, яна не змагла развітацца з блізкімі і роднымі рэчамі. Кажа, ну як можна не любіць самаробную люльку, у якой гушкалі немаўлятак, ці нейкія прылады, зробленыя бацькам-умельцам. Аднак, падараваўшы свае скарбы краязнаўчаму музею, Валянціна Шэндзелева ведае, што яны будуць не толькі захаваныя, але і стануць часткай цікавай этнічнай кампазіцыі.
Перададзеныя рэчы ўжо ўвайшлі ў фонды музея. Асобна хацелася б адзначыць, што сярод дадзеных каштоўнасцей асобнае месца займаюць іконы. Напрыклад, «Карсунская ікона Прасвятой Багародзіцы», якая была выдадзена ў канцы ХІХ ст. Я.І. Фясенка ў тэхніцы хромалітаграфіі (літаграфскі спосаб друкавання некалькімі фарбамі, а таксама адбітак, зроблены такім чынам, — аўт.); ікона «Выява Божай Маці Колчскія» — Расійская Імперыя, 1984 г., тэхніка — хромалітаграфія; ікона «Св. Антоній і Феадосій Кіевапячэрск. Цуд», выдадзенная выдавецтвам «Товарищество И.Д. Сытина и К» у 1901-м у г. Масква Расійскай Імперыі. Як бачна, узрост дадзеных прадметаў вар’іруецца ў межах стагоддзя, што нямала, а тэхніка іх выдання вельмі цікавая і ўжо даволі старажытная.
Такім рэчам месца не ў шафе, не на антрэсолях памяці, а ў руках спецыялістаў, на палічках музея. Памятайце, што любое багацце толькі памнажаецца, калі ім дзяліцца, а тым больш — духоўнае.
Вікторыя ПАЎЛАВА.