-
У культработнікаў з Пальмінскага сельсавета заўсёды гараць вочы. Таму назваць гэтых зграбных, творча адораных, усмешлівых жанчын інакш як дзяўчатамі язык не паварочваецца. Ім няма калі сумаваць, а прафесія абавязвае не дазваляць сумаваць іншым.
ЧАЦВЁРА НА БОЛЬШ ЯК ТЫСЯЧУ
Усяго чатыры чалавекі, занятыя ў філіяле «Пальмінскі СДК» Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна, робяць весялейшым жыццё больш як 1,2 тыс. вяскоўцаў, якія пражываюць на тэрыторыі, што абслугоўваецца ўстановай культуры. Дзяцей і дарослых запрашаюць займацца ў 10 клубных фарміраваннях. Свае творчыя здольнасці ў іх развіваюць больш за100 чалавек.
Самы тытулаваны з калектываў – народнае аматарскае аб’яднанне «Сладушка». Накірунак яго дзейнасці – захаванне спадчыны, ад традыцыйных рэцэптаў да побытавых танцаў, абрадаў, рэчаў. Сугучны гэтаму фарміраванню фальклорны калектыў «Кужаль». Менавіта іх удзельнікі запісалі і адрадзілі такія купальскія абрады, як Бохан і Бярозка, жадаюць дабрабыту кожнай хаце падчас Калядаў, далучаюць да святкавання зажынак пальмінскіх малых…
– Дарэчы, Купалле ў нашым аграгарадку – адно з самых любімых і маштабных святаў, на якое збіраюцца не толькі тутэйшыя, але і госці здаля, – хваліцца дырэктар Пальмінскага СДК Валянціна Гарунова. – Гэтаму спрыяе і заўсёды цікавая праграма, і месца правядзення: наш Дом культуры знаходзіцца на беразе маляўнічай сажалкі.
Яшчэ адно адметнае свята, якога нязменна чакаюць месцічы, – дзень аграгарадка. Традыцыйна яго прызначаюць на верасень, калі ўжо спарадкаваныя гароды. Пальмінцы падво дзяць вынікі пражытага года, вітаюць бацькоў, у якіх нарадзіліся немаўляты, выказваюць пашану старэйшым аднавяскоўцам, сем’ям, якія адзначаюць вясельныя юбілеі.
Паплечнікамі культработнікаў-прафесіяналаў выступаюць самадзейныя артысты з вакальнага калектыву «Надзея», тэатральных «Бусел», «Шчодры вечар», «Тэатр на далоні», танцавальнага «Гарошыны» і іншых. Сярод артыстаў нестае мужчын, таму таленавітым і смелым заўсёднікам сцэны Валерыю Клюшчанку, Івану Ш к л я р э ў с к а м у дзяўчаты асабліва ўдзячныя.
– Да таго ж мы, бадай, апошні на раёне СДК, дзе рэгулярна праводзяць дыскатэкі, – паведамляе Валянціна Гарунова. – Паколькі яны прызначаны пераважна для непаўналетніх, доўжацца да 23 гадзін. Але і працуючая моладзь, настальгіруючы па часах юнацтва, заходзіць патанцаваць.
Паміж мерапрыемствамі культработнікі не спяць у шапку, а пішуць сцэнарыі, вырашаюць арганізацыйныя пытанні, а іх рукі заняты вырабам дэкарацый і элементаў інтэр’ера, раставых лялек, сцэнічных касцюмаў. Усё для таго, каб жыццё ў наваколлі было ярчэйшым і цікавейшым.
ПА ЗАПЫТАХ АДНАВЯСКОЎЦАЎ
Такі адмысловы пакойчык, як у філіяле «Кабішчанскі СДК» ЦТК і НТ Гарадоцкага раёна, мала дзе сустрэнеш. Тут, у беларускай хатцы, сабраны рарытэтныя рэчы даўнейшага побыту насельніцтва Бараўцоў, Кабішча, Хабатоў, Шпакоў. Установа культуры і цяпер абслугоўвае жыхароў гэтых вёсак, больш за 320 чалавек. Ад іх у спадчыну ў этнаграфічны куток перайшлі сямейныя каштоўнасці: кросны, калаўрот, вязаныя карункі, вышыванкі, драўляныя прылады і іншае.
Усё гэта выклікае непадробную цікавасць самай актыўнай у Доме культуры публікі – дзятвы. На такую аўдыторыю разлічана большасць мерапрыемстваў. Адначасова дзеці – самыя шчырыя памочнікі ў арганізацыі ўсіх мерапрыемстваў мясцовага маштаба.
– Людзі старэюць, часам дайсці на мерапрыемствы ім становіцца цяжка, – шкадуе загадчык філіяла Таццяна Прышчэпава. – Таму мы ўзялі за практыку наведваць пажылых. Ідзём да іх у хаты, калі ёсць важкая нагода, напрыклад асабісты юбілей у паважанага ветэрана працы, прафесійнае свята былых калгаснікаў.
«Мы» – гэта сама Таццяна, яе дачка – цяперашні кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання «Гаспадынька» Юлія, малады спецыяліст, бібліятэкар Кабішчанскай сельскай бібліятэкі Алена Сергіенка і ўдзельнікі калектываў сама дзейнай творчасці.
Як і пальмінская «Сладушка», кабішчанская «Гаспадынька» пастаянна прадстаўляе свой сельсавет на раённых мерапрыемствах. Удзельнікі гэтага аб’яднання – таленавітыя кулінаркі, захавальніцы сямейна-бытавых традыцый і абрадаў. Святочныя сталы яны накрываюць з густам, у лепшых традыцыях шчодрых, гасцінных кабішчанцаў, аздабляюць падачу страў добрым жартам і песняй.
– Маё размеркаванне пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя А. Пушкіна ў Кабішча я лічу нармальным стартам, – адазвалася аб першым месцы работы Алена Сергіенка.
– З калегамі складваюцца прыязныя адносіны, я адчуваю, што патрэбная тут. Лічу, што павінна выконваць запыты аднавяскоўцаў, і не толькі як наведвальнікаў бібліятэкі, але і як носьбітаў культурнага кода беларусаў. Гэта значыць быць тактоўнай, працалюбівай, усмешлівай, бачыць і памнажаць прыгожае, паважаць гістарычнае мінулае, а дзяцей вучыць быць дружнымі і добрымі.
Кніжны фонд Пальмінскай сельскай бібліятэкі складае амаль 11 тыс. экземпляраў, Кабішчанскай — каля 5 тыс. Аб запатрабаванасці гэтых устаноў культуры ў час інфармацыйных тэхналогій сведчыць тое, што ў сярэднім за год іх наведваюць каля 7 тыс. і больш за 1,5 тыс. чалавек адпаведна.