Карэспандэнты раённай газеты прайшліся па вулачках Дня беларускага пісьменства. Адразу адзначым, што ўражанняў засталося вельмі многа! Нездарма мясцовыя жыхары выказвалі думку, што не пазналі б родны Гарадок, каб не ведалі пра маштабнае свята. Усё гудзе песнямі, танцамі і, канечне ж, творчасцю. Стылізаваныя касцюмы, прыгожыя хлопцы і дзяўчаты — прыкладна такі ён, дух фестываля слова ў Гарадку.
Спрадвеку Гарадок быў рамесніцкім, а затым – прамысловым мястэчкам. Больш за ўсё гарадакчане атрымалі поспех у ганчарным рамястве. Найбольшае развіццё гэты промысел атрымаў у XIX – першай палове ХХ стагоддзя, калі ў мястэчку сталі стварацца ганчарныя арцелі, пазней пераўтвораныя ў цэхі, якія мясцовыя жыхары называлі проста «ганчаркай». Гарадоцкая кераміка адрознівалася прастатой і пластычнасцю формаў і светлым тэракотавым колерам з адценнямі фіялетавага і карычневага. У асноўным майстры выраблялі керамічныя вырабы гаспадарчага прызначэння – гаршкі, збаны, глякі, гладышы, міскі, якія сёння, нажаль, выйшлі з ужытку на сучаснай кухні. У прамысловых маштабах гарадоцкая кераміка больш не вырабляецца, але ганчарнае кола круціцца ў мясцовым доме рамёстваў. Характэрна, што старое рамяство ў сучасным Гарадку адрадзілі ганчары-жанчыны.
Карэспандэнты раённай газеты прайшліся па вулачках Дня беларускага пісьменства.
