”Прыдзвінскія карункі“ пройдуць у 10 раз!

Анонс

26 лістапада 2022 года ў Гарадоцкім гарадскім Доме культуры пройдзе X агляд-конкурс харэаграфічных калектываў “Прыдзвінскія карункі”, прысвечаны Заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Івану Арцёмавічу Серыкаву, у якім прымуць удзел вядучыя харэаграфічныя калектывы народна-сцэнічнага, эстраднага танца, а таксама харэаграфічныя калектывы з найменнем “народны”, “узорны” і званнем ”заслужаны“, якія спаборнічаюць у наступных намінацыях:

-“На лепшае выкананне аўтарскіх танцаў Заслужанага дзеяча культуры Беларусі І.А. Серыкава”,

-“На лепшую новую балетмайстарскую пастаноўку беларускай накіраванасці”,

-“На лепшы народны танец, у якім павінна быць адлюстравана нацыянальная тэматыка, нацыянальныя матывы”,

-”На лепшы эстрадны танец, у якім павінна быць адлюстравана народная тэматыка, нацыянальныя матывы“.

Пачатак у 12.00.

Усяго ў аглядзе-конкурсе прымуць удзел 38 харэаграфічных калектываў з агульнай колькасцю каля 700 чалавек пасля папярэдняга відэаадбору ўдзельнікаў. У праграме заяўлена 100 конкурсных нумароў.

Пройдзе майстар-клас для ўдзельнікаў і кіраўнікоў калектываў па творчай спадчыне І.А.Серыкава.

Пасля конкурснай праграмы адбудзецца канцэрт ансамбля танца, музыкі і песні ”Талака“ Віцебскай абласной філармоніі.

Пастаянным месцам правядзення абласнога мерапрыемства 1 раз у 2 гады з’яўляецца г.Гарадок. У 2018 годзе агляд-конкурс адбыўся ў восьмы раз у Віцебску з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Заслужанага дзеяча культуры Беларусі І.А. Серыкава.

Агляд-конкурс праводзіцца з мэтай папулярызацыі, аднаўлення і захавання беларускага народнага танца, танцавальнай спадчыны Заслужанага дзеяча культуры Беларусі І.А. Серыкава; павышэння ўзроўня выканаўчага майстэрства ўдзельнікаў харэаграфічных калектываў і папаўнення іх рэпертуару.

Арганізатарамі агляду-конкурсу выступаюць: упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, дзяржаўная ўстанова “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *