Час імклівы, ён змяняе характары і лёсы людзей, перайначвае ўспрыманне свету. Але, як бы моцна не змянялася жыццё, чалавека заўжды цягне да таямнічага і сакральнага. І моладзь, трымаючы ў руках самы сучасны гаджэт, марыць адшукаць тую самую Папараць Кветку, якая адорыць шчасцем і вечным каханнем. Не будзем казаць за ўвесь свет, але на Гарадоччыне свята Івана Купала адзначылі гучна.
Таямнічая забава закранула нават самых малых гарадакчан. 6 ліпеня ў ДУА «Яслі-сад № 2 г. Гарадка» святкавалі Купалле. Адзначым, што гэты дзіцячы сад — адзін з самых актыўных і ініцыятыўных, ніводнага свята не абмінае! Для выхаванцаў дашкольнай установы карысна не толькі ведаць у тэорыі пра беларускія традыцыі, звычаі і абрады, але і на практыцы прыняць удзел у адной з самых містычных і займальных забаў. На свежым паветры да малых завітаў гаспадар свята — Іван Купала і прыгажуня — Купалінка. Разам з дзецьмі яны шукалі цудадзейную кветку папаратніка, вадзілі карагоды і скокалі праз імправізаванае вогнішча. Зразумела, не ўсё так проста: перашкодзіць гульням-забавам спрабавала нячыстая сіла. Аднак выхаванцы, смелыя і дужыя, перамаглі Бабу Ягу і весела правялі свята.
Карэнныя жыхары горада расказваюць, што і раней, год 15-20 таму, моладзь з захапленнем і нецярплівасцю чакала Купалле. Гарадакчане вечарам пешшу ішлі ў Верамееўку, бо ведалі, што там будзе шматлюдна, гучна і весела. Усю ноч гудзеў народ: народныя забавы, жарты, вялізнае вогнішча — ўсё было тут. У гэтым годзе таксама ў Верамееўцы было весела. Дажджлівае надвор’е не перашкодзіла адзначыць свята. І хоць не да самай раніцы гучала музыка і спевы, але вяселля ўсім хапіла!
Вікторыя ПАЎЛАВА.