Традыцыйнае свята «Засеўкі» адбылося на полі СРДУП «Улішыцы-агра» 13 красавіка. Прадстаўнікі раённай улады, прафсаюзнага кіраўніцтва, а таксама мясцовыя артысты пажадалі аграрыям паспяховай працы. І няхай сёння не кожны сучасны чалавек ведае, наколькі важнае значэнне мае праца на зямлі, аднак, мы ўпэўненыя, што неперадавальны пах свежавыпечанага караваю знаёмы кожнаму. Пах хлеба — гэта водар роднай зямлі, дзяцінства, матчынай ласкі і, безумоўна, вынік плённай працы нашых аграрыяў. За гэта мы ім заўжды ўдзячныя! А пра лепшых працаўнікоў хлебнай нівы яшчэ не раз узгадаем на старонках раённай газеты…
Вясна — час прыгажосці і жыцця, а для працаўнікоў сельскай гаспадаркі — яшчэ і вельмі адказны перыяд. Як толькі ўсталёўваецца стабільнае цёплае надвор’е і зямля, прагрэтая сонейкам, гатова прыняць зярняткі, аграрыі пачынаюць сеяць. Прыйшоў і наш час. Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гарадоцкага райвыканкама Крысціна Лыхалат пажадала аграрыям плённай працы, спрыяльнага надвор’я і, зразумела, багатага ўраджаю.
Да добрых слоў далучылася і старшыня раённага камітэта прафсаюза працаўнікоў АПК Таццяна Груганава:
— Я жадаю вам прафесійных поспехаў, здароўя, няхай кожны дзень прыносіць добрыя навіны. А яшчэ прызываю кожнага прытрымлівацца мер бяспекі. І тады мы абавязкова будзем з добрым ураджаем!
Т. Груганава таксама нагадала пра раённае спаборніцтва на вясновай сяўбе 2022 г. сярод механізатараў, занятых на працах рознага кшталту. Асобна журы будзе ацэньваць стараннасць маладых механізатараў (ва ўзросце да 31 г.). Шанец прадэманстраваць свой спрыт і майстэрства ёсць у кожнага! Мы разам з вамі, паважаныя чытачы, будзем сачыць за ходам спаборніцтва і пісаць пра пераможцаў. Сваіх герояў мы павінны ведаць у твар, як кажуць! Дарэчы, яшчэ адна важная і вельмі «смачная» місія Таццяны Леанідаўны — уручыць свежыя, духмяныя караваі з ураджаю мінулага года кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і будучым героям страды.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі прыйшоў час сеяць зерне. Усё зрабілі ў лепшых традыцыях. Напачатку слова меў настаяцель храма Святых прападобнапакутніц Вялікай княгіні Елісаветы і інокіні Варвары айцец Стахій. Прачытаўшы малітву, ён акрапіў святой вадой гасцей свята і сельскагаспадарчую тэхніку.
Удзялілі ўвагу і традыцыйнаму ўвасабленню засевак. Артысты аўтаклуба «задобрылі» зямлю-карміцельку, закапаўшы ў раллю кавалачак хлеба, соль і яйка, загорнутыя ў чыстую сурвэтку. Імправізаваны Гаспадар, каб зерне расло чыстым і моцным, утыкнуў у зямлю сякеру. А Гаспадынька прапанавала жадаючым прыняць удзел у амавенні рук, якое даказвае, што працаваць на зямлі, вырошчваць хлеб — гэта святая справа, да якой трэба падыходзіць з чыстым сэрцам і думкамі. Дарэчы, добрай прыкметай можна лічыць і бусла, які зусім не палохаўся людзей і цікаваў за ходам свята.
І вось, нарэшце, першыя зярняткі пасыпаліся ў раллю. Сімвалічна, уручную, была распачата веснавая страда. У добры шлях, хлебаробы, — прагучала сімвалічная фраза.
Загудзела тэхніка, пачалі завіхацца майстры хлебнай нівы. Цяпер для іх кожная хвілінка — на вагу золата, бо зямля адорыць шчырым ураджаем толькі самых працавітых і адданых сваёй справе. Зямля-карміцелька, нібы жывая істота, усё адчувае — і дабрыню, і стараннасць, і працавітасць. Менавіта таму мы з поўнай адказнасцю можам сцвярджаць, што на Гарадоцкай зямлі працуюць лепшыя прадстаўнікі сельскагаспадарчай сферы. Яшчэ раз дзякуем вам за хлеб, за напружаную працу пад гарачым сонцам, за тое, што вы робіце ўсё магчымае, каб родная старонка і краіна ў цэлым квітнелі.
Юлія РУДЗЯКОВА.