17 красавіка каталіцкія вернікі адзначаюць галоўнае хрысціянскае свята — Вялікдзень. Паводле старажытнай хрысціянскай традыцыі, урачыстасць Уваскрасення Хрыста заўсёды святкуецца ў нядзелю і не замацавана на пэўную дату.
Перадвелікодная субота — гэта дзень цішыні. У касцёлах у Пакутную пятніцу і суботу няма набажэнстваў, толькі вечарам, бліжэй да нядзелі праводзіцца пасхальная Вігілія. У каталіцтве існуе традыцыя запальваць ад жыватворнага агню вялікую васковую свечку — Пасхал — сімвал уваскрослага Хрыста. Вернікі выконваюць святочны гімн і запальваюць свечкі ад Пасхала, потым аднаўляюць свае хросныя абяцанні: адракаюцца ад зла і прызнаюць веру ў Бога, адзінага ў трох Асобах — Айца і Сына, і Духа Святога. Пачынаючы з гэтага моманту, людзі вітаюць адзін аднаго 40 дзён словамі: «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!».
Вернікі пасля набажэнстваў асвячаюць яйкі, тварожныя пасхі, кулічы і іншую святочную ежу. Пасхальнымі яйкамі дарослыя і дзеці абменьваюцца з роднымі і суседзямі. Традыцыйны колер галоўных пасхальных сімвалаў — чырвоны, бы звязаны з жыццём і перамогай над смерцю. Людзі запрашаюць гасцей за багаты стол, разам спяваюць пэўныя песні і пасля Вялікага посту маюць магчымасць пакаштаваць розныя смачныя стравы.
Да галоўнага царкоўнага свята застаецца некалькі дзён, каталікі Гарадоччыны рыхтуюцца да Вялікадня, прыбіраюць у хатах, гатуюць араматныя печаныя прысмакі з макам, цукатамі, разынкамі (изюм, — рус.), таксама плануюць свой святочны дзень. На беларускім тэлебачанні звычайна праводзіцца прамая трансляцыя вячэрняй службы з галоўнага каталіцкага храма краіны — архікафедральнага сабора імя Прасвятой Дзевы Марыі. У кожнага ёсць магчымасць паглядзець Вігілію і памаліцца. У нядзелю разам з сям’ёй можна прыйсці на Імшу ў Касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Гарадку.
Падрыхтавала Юлія ПРЫШЧЭПА.