Гудуць званы Хатыні…

Актуальное

Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае –

асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў… (Ул. Караткевіч)

Пра трагедыю беларускай вёскі Хатынь, што на Лагойшчыне,  ведае ўвесь свет.

Лёс вёскі быў вырашаны 22 сакавіка 1943 года. Батальён нямецка-фашысцкіх карнікаў акружыў вёску, якая тады налічвала 36 двароў. Жыхароў сагналі ў хлеў, абклалі яго саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Таго, хто спрабаваў выратавацца, расстрэльвалі з кулямётаў – 149 чалавек, з іх 75 дзяцей. Сакавіцкі дзень аказаўся апошнім днём Хатыні…

Але, на жаль, Хатынь не адна! Есць яшчэ 628 беларускіх вёсак, якія паўтарылі лёс Хатыні.

І гэта далёка не ўсе тыя вёскі, куды фашысты прыходзілі, прыязджалі, каб вынішчыць, спаліць усіх – ад старога да дзіцяці, дзе выконваўся план “абязлюджвання тэрыторыі”, “пашырэння жыццёвай прасторы на ўсход”.

Цяжкім поступам крывавых будней акупацыі  і бясстрашнай барацьбы з ненавісным фашызмам пракрочыла ваеннае ліхалецце і па шматпакутнай Гарадоччыне.

13 гарадоцкіх вёсак паўтарылі лёс Хатыні. Яны  былі спалены разам з людзьмі і ўвекавечаны ў хатынскім мемарыяле. 22 вёскі былі знішчаны з часткай насельніцтва і не адноўлены, 135 вёсак былі знішчаны з часткай насельніцтва і адноўлены пасля вайны.

Не менш трагічны лёс дастаўся і  вёскам Пальмінскага сельсавета  і іх жыхарам. Вёскі Хартова, Баркова, Рудня, Забор’е, Шніці, Шпакі, Трашкова, Маісеенкі,Варошына, Баталі… Гэтыя вёскі поўнасцю або часткова былі знішчаны карнікамі ў ваеннае ліхалецце. Некаторыя з іх былі адноўлены пасля вайны, а некаторыя сёння не існуюць.

А вёску Хартова можна лічыць сястрой Хатыні. Гэта яшчэ адзін з адрасоў  чалавечага гора і смутку . На “Сцяне памяці”, што ў Хатыні, дзе можна даведацца аб месцах масавага знішчэння фашыстамі мірнага насельніцтва Беларусі, ёсць і назва гэтай вёскі.Яна назаўсёды ўвекавечана ў хатынскім мемарыяле. У студзені 1943 года вёску (37 двароў) і 265 яе жыхароў  спалілі ворагі. Жыхароў сагналі ў адзін з будынкаў і падпалілі…

У ваеннае ліхалецце вяліся жорскія баі і ў ваколіцах Пальмінкі, і ў самой вёсцы. Кожны кавалак зямлі тут быў паліты крывёю абаронцаў, якія не пашкадавалі самага дарагога – свайго жыцця – дзеля вызвалення Айчыны ад бязлітаснага ворага.

 Але нямецка-фашысцкія акупанты  ўчынілі ўсё ж расправу над вёскай:  у 1943 годзе спалілі  Пальмінку (104 двары) і   12 яе жыхароў. Бот акупанта хацеў знявечыць, вытаптаць, ператварыць у пыл дарагі куток! Але не скарылася яна чужынцу!

Пасля вайны вёска аднавілася. Зараз гэта сучасны аграгарадок, дзе ёсць усе ўмовы для мірнай стваральнай працы.  Але колькі прыйшлося  людзям прыкласці сіл і намаганняў, каб не стала  Пальмінка Хатынню! Пра тыя страшныя ваенныя падзеі  напамінаюць зараз помнікі ў цэнтры вёскі…

Да гэтых трагічных падзей у чарговы раз  звярнуліся вучні і настаўнікі ДУА “Пальмінская сярэдняя школа ім.М.І.Аверчанкі” пры правядзенні гадзіны-памяці “Гудуць званы Хатыні…”, якая прайшлам 22 сакавіка 2022 г.

         Хатыні – вёскі, спаленыя, забітыя разам з людзьмі, – гарачая, балючая, гнеўная праўда і памяць Беларусі.

         Хатынь выкладае чалавецтву просты, як ісціна, і вечна мудры ўрок пільнасці. Мы павінна памятаць пра смяротную пагрозу, якой пазбеглі ў мінулым, і штодня клапаціцца пра будучыню. 

Дошчыч А.М., кіраўнік комплекснага музея

ДУА «Пальмінская сярэдняя школа

ім.М.І.Аверчанкі»

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *