Светлая, шчырая, рамантычная, беларускамоўная… Так можна сказаць пра Святлану Студзянцову. Колькі б ні выпала светлых і сумных этапаў у жыцці, яна годна пражывае іх, давяраючы свае думкі і разважанні вершаваным радкам. Шмат гадоў чытачы «Гарадоцкага весніка» з задавальненнем чыталі гэтыя цёплыя, трошку задуменныя і мудрыя творы, адзначаючы для сябе нешта асабістае і настальгічнае. 15 кастрычніка ў чытальнай зале Гарадоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі сабраліся аматары паэзіі, знаёмыя, былыя вучні, каб сустрэцца на літаратурнай імпрэзе з таленавітым аўтарам.
Святлана Мікалаеўна на пачатку сустрэчы расказала пра сябе. Яна нарадзілася ў в. Селяўшчына Расонскага раёна ў сям’і настаўнікаў. Пасля заканчэння літаратурна-музычнага факультэта Мінскага педінстытута імя М. Горкага яна па размеркаванні прыехала ў Гарадок. Сярэдняя школа № 1 стала для настаўніцы беларускай мовы адзіным месцам працы, напоўненым шэрагам радасных вучэбных момантаў і поспехаў. На працягу доўгіх гадоў Святлана Студзянцова ўзначальвала фальклорны гурток «Спадчына», была сакратаром камсамольскай арганізацыі школ горада.
Гарадок для жанчыны стаў родным. Менавіта тут яна пазнаёмілася з будучым мужам. Яны стварылі сям’ю і вырасцілі двух сыноў. Падчас працы ў нейкі момант успомніла пра любімае захапленне, якім жыла ў школьныя гады, — ажыццявіць душэўны палёт у чароўную краіну паэзіі.
— У сваіх вершах мне хочацца расказаць пра жыццё, пра тое, што пройдзена і перажыта. Паказаць дзейсную сілу кахання, мацярынства, абавязкаў на зямлі і перад іншымі людзьмі. Галоўная думка, што праходзіць праз усю маю творчасць — абавязкова быць чалавекам, добра ведаць сваё месца ў жыцці. Старацца не рабіць памылак, якія потым цяжка выправіць, — адзначыла важныя думкі паэтэса.
Падчас выступлення Святлана Мікалаеўна звярталася да сваіх вершаў «Дарога. Сцежачка. Дарога», «Где душица моя, что цвела для души…», «Нічога не вяртаецца назад», «Душы маёй даўно вядома», «Пакацілася зорка мая», «Я бягу, я агнявая», «Я не адна, а мы ўдвух…». Усе госці ўважліва слухалі цікавы аповед і мудрыя паэтычныя радкі прамоўцы, а затым выказалі шчырыя словы падзякі паэтэсе за цудоўную атмасферную сустрэчу. Калега і даўняя сяброўка Лілія Сідарэнка расказала пра цікавыя моманты з працы і адзначыла яе стараннасць і сціпласць, багаты духоўны свет. Таксама цёплыя словы і пажаданні сваёй настаўніцы выказалі і былыя вучаніцы. Намеснік дырэктара Гарадоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Іна Адаменка падзякавала таленавітай жанчыне за магчымасць дакрануцца да паэтычнай эстэтыкі, уручыла кветкі і зборнік яе вершаў «Дарога. Сцежачка. Дарога», выдадзены супрацоўнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынга. Дарэчы, з ім можна пазнаёміцца на сайце haradoklib.by ці на абанеменце бібліятэкі.
Юлія ПРЫШЧЭПА.