Шчыры гаспадар Тарас са святам віншаваў нас!

Актуальное Эхо события

Раённае свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору «ГАРАДОЦКІ ПАРНАС‑2021» адбылося 5 чэрвеня на бас-востраве ва ўрочышчы Вараб’ёвы горы. Весела, гучна і вельмі смачна было ў гэты дзень!

«Тут нарадзіўся Вераніцын —
Паэт ад роднае зямліцы.
Услаўляе горад наш заўзята
Яму прысвечанае свята»…
Менавіта ў гэтых радках і заключаны асноўны сэнс імпрэзы.У гэтым годзе Парнас збірае гасцей і удзельнікаў ужо ў дванаццаты раз, таму варта дапоўніць, што гэта традыцыя за ўвесь час стала сапраўднай адметнасцю Гарадоцкай зямлі, шчодрай на маляўнічыя краявіды, добрыя звычаі і слаўныя імёны далёкай мінуўшчыны. Адной з самых яскравых зорак на літаратурным небасхіле стаў паэтычны талент Канстанціна Вераніцына, які пакінуў свету багатую літаратурную спадчыну. Гэта наш гонар, часцінка малой радзімы. А любоў і павага да яе, гэта тое, што нас яднае. Карані і вытокі хаваюцца ў старажытнай гісторыі, у традыцыях продкаў, у песнях, што саграваюць сэрца цеплынёй і пяшчотай, ва ўзнёслай прыгажосці народных танцаў, у непаўторным харастве вырабаў народных рамёстваў і ўсё гэта заўжды шырока прадстаўлена на «Гарадоцкім Парнасе». Падворкі, падрыхтаваныя прадстаўнікамі сельсаветаў, гандлёвыя кропкі таксама не засталіся па-за ўвагай. Па насычанасці сваёй праграмы ён даўно выйшаў за межы звычайнага свята, таму з гэтага году ён будзе ўрачыста і гучна называцца фестывалем!
За гады існавання народнае свята стала сапраўдным брэндам Гарадоччыны, месцам сустрэчы землякоў і людзей з іншых рэгіёнаў. Штогод праграма свята дапаўняецца чымсьці новым і цікавым. Не стаў выключэннем і гэты раз. Так, упершыню адбылося ўручэнне прэміі «Зямляк года», якую заснаваў раённы выканаўчы камітэт, каб адзначыць працоўныя здабыткі і творчыя здзяйсненні людзей, што ўносяць свой уклад у развіццё і далейшы росквіт нашай малой радзімы. Бясспрэчнай візітоўкай мерапрыемства і нашага рэгіёна ў цэлым з’яўляюцца рамёствы. Таму натуральна, што пачэснае месца на сцэне занялі майстры Дома рамёстваў і фальклору, дзеці-ўдзельнікі гурткоў па розных відах рамёстваў.
Знакавым момантам дня стала падвядзенне вынікаў конкурса «Брэнд Гарадоччыны» і правядзенне самага смачнага кулінарнага спаборніцтва — «Юшка для Тараса». Журы прыйшлося няпроста, бо за званне лепшага «юшкавара» змагаліся прафесіяналы. А вось перамогу ў новым конкурсе «Уладар лесу» забраў самы дужы і ўвішны. Нездарма і галоўны герой знакамітай паэмы быў палясоўшчыкам. Прызы пераможцам конкурсаў былі прадастаўлены райвыканкамам, РА РГА «Белая Русь», райаб’яднаннем прафсаюзаў, райарганізацыяй прафсаюза работнікаў АПК, РК ГА «БРСМ». Цікава даведацца працяг і вынікі спаборніцтваў? Чытайце падрабязнасці ў наступным нумары «раёнкі».

Юлія РУДЗЯКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *