Каб поле было чысцюткім, а каласочак — гнуткім!

Эхо события

Нездарма кажуць, што вясенні дзень год корміць. Нашы продкі мелі рацыю, мяркуючы гэтак. Раней, назіраючы за прыродай і яе, так бы мовіць, метамарфозамі, яны прыкмячалі для сябе самае асноўнае, а пасля карысталіся гэтай мудрасцю ў паўсядзённым жыцці. Паказальна, што і сёння на Гарадоччыне не толькі паважаюць колішнія ўстоі, але і непасрэдна прытрымліваюцца іх. Гэта было відавочна і падчас правядзення ўжо традыцыйнага для нашага рэгіёна свята — Засевак, якія адбыліся на тэрыторыі УП «Паўночны», што каля в. Радчанкі.


Удзел у мерапрыемстве прынялі: першы намеснік страшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Сяргей Ермаковіч, старшыня раённага камітэта прафсаюза працаўнікоў АПК Таццяна Груганава, кіраўніцтва сельскагаспадарчай арганізацыі, а таксама госць з абласнога цэнтра — дырэктар дзяржаўнай інспекцыі па выпрабаванню і ахове гатункаў раслін Дзмітрый Бейня.
— Кожны год адрозніваецца ад папярэдняга, гэта натуральна. На хлебнай ніве заўжды працуюць вопытныя хлебаробы і моладзь. Я ўпэўнены, што агульнымі намаганнямі, не толькі калектываў, але асабіста кожнага з нас, мы годна правядзём гэтую пасяўную кампанію. Зразумела, заўжды могуць паўстаць нейкія пытанні і ўзнікнуць праблемныя моманты, але дзеля гэтага мы і збіраемся разам — каб паказаць, што гатовыя дапамагаць адзін аднаму, — звярнуўся да працаўнікоў Сяргей Уладзіміравіч. — Жадаю кожнаму з вас здароўя, каб адчувалі ў сабе сілы працаваць. Толькі ў такім разе мы ўбачым найлепшыя вынікі. У добры шлях!
Пасля завяршэння афіцыйнай часткі прадстаўнікам мясцовай улады і аграрыям ад прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу ўручылі духмяныя караваі з мінулагодняга ўраджаю, якія, безумоўна, дапамогуць набрацца сілы для новых працоўных здзяйсненняў. А дзеячы культуры падарылі прысутным знаёмыя музычныя кампазіцыі ў сваім выкананні. Сонейка ўжо высока, і поле, адпачыўшае за доўгую зіму, нецярпліва чакае, калі пачаткам вялікай справы ляжа на ім першая баразна. Але не ўсё так проста, здаўна так павялося, што перш чым распачаць сяўбу, трэба было выканаць шэраг абрадавых дзеянняў. Перш за ўсё, каб зямля дала добры ўраджай, яе імкнуліся «накарміць» і задобрыць. Для гэтага гаспадыня закапвала ў раллю кавалак хлеба, соль і яйка, загорнутыя ў чыстую сурвэтку. Аналагічны абрад выканалі і падчас Засевак. А каб жыта, пшаніца ды авёс раслі высокімі, чыстымі, мужчына павінен быў утыкнуць у зямлю сякеру. Лічылася, што гэта захавае поле ад пустазелля. Са спадзяваннямі на добры ўраджай, імправізаваны гаспадар выканаў і гэтае абрадавае дзеянне.
Сяўба заўжды ўспрымаласялюдзьмі як святая справа, якую трэба распачынаць толькі з лёгкім сэрцам, светлымі думкамі і чыстымі рукамі, менавіта таму завяршалася дзеянне рытуальным амавеннем рук. Пасля слова меў настаяцель храма Анастасіі Вызваліцельніцы іераманах Ціхан, які благаславіў на плёную працу аграрыяў і сельскагаспадарчую тэхніку.
Засеўкі — гэта першы крок на шляху да Зажынак, і як вынік усяму — багатага ўраджаю. Увесь гэты перыяд у раёне будзе праходзіць спаборніцтва сярод механізатараў на вясновай сяўбе. Шанец праявіць свае таленты ёсць як у вопытных працаўнікоў, так і ў тых, для каго гэты сезон стане першым. Ацэньвацца яны будуць у розных узроставых катэгорыях, а вынікі лепшых у сваёй справе будуць падводзіцца штотыднёва і публікавацца на старонках нашага выдання. Няхай жа надвор’е будзе спрыяльным, тэхніка — надзейнай, настрой — добрым, а зямля шчыра аддзячыць важкім коласам за вашу самаадданую працу! У добры шлях, хлебаробы!

Юлія РУДЗЯКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *