Сёння жыхарам аддаленых і маланаселеных вёсак прадастаўляецца ўнікальная магчымасць скарыстацца паслугамі бібліёбуса Гарадоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Не так даўно карэспандэнт «раёнкі» разам з кіроўцам Віктарам Зуевым і бібліятэкарам Алесяй Паповай здзейснілі рэйд па маршруце Каменка — Хартова — Сяльцо — Новы Болецк — Раманава.
Ужо 14 гадоў пры бібліятэцы існуе бібліёбус, які працуе па 11 маршрутах. У яго зону абслугоўвання ўваходзяць 58 населеных пунктаў, а таксама аддаленыя часткі горада. Сёння ўсяго налічваецца больш за 600 чытачоў. Сярод іх не толькі дарослыя, але і дзеці.
Пра сваю працу Алеся Аляксееўна распавядае з асаблівым натхненнем і захапленнем: «Я марыла працаваць у бібліятэцы. Таму пасля заканчэння школы паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж. Мая мара здзейснілася, чаму я вельмі рада. На працягу вось ужо чатырох гадоў я працую ў бібліятэцы на колах. Гэта вельмі цікава, бо не сяджу ў кабінеце, а пастаянна знаходжуся ў руху, кантактую з цікавымі людзьмі».
Бібліёбус выязджае раз у месяц на кожны маршрут. Працоўны дзень бібліятэкара пачынаецца з таго, што яна тэлефануе чытачам з вёсак і папярэджвае пра прыезд. Ведаючы перавагі кожнага, яна загадзя падрыхтоўвае літаратуру. «Мы працуем па праграме «Кнігу — у кожную вёску», таму і даехаць да кожнага чытача незалежна ад надвор’я — наша галоўная мэта, — кажа жанчына. — Фонд перасовачнай бібліятэкі пастаянна абнаўляецца, таму пералік кніг і перыядычных выданняў даволі разнастайны. У нас ёсць сшытак папярэдніх замоў, дзе вяскоўцы могуць запісаць свае пажаданні аб тым, якую кнігу хацелі б прачытаць у наступны раз. Варта адзначыць, што колькасць нашых прыхільнікаў павялічваецца. Асабліва гэта бачна ў летні час, калі прыязджаюць дачнікі і дзеці».
Сёння попытам у чытачоў карыстаецца сучасная літаратура: дэтэктывы, любоўныя і гістарычныя раманы, ваенная проза, фантастыка, а таксама часопісы: «Цветок», «Хозяин», «Планета» і шмат інш.
Пастаянныя чытачкі з в. Каменка Л. Мацвеева і Н. Навумчык з пачатку існавання бібліятэкі на колах карыстаюцца яе паслугамі. Яны распавядалі пра тое, што для людзей у сталым узросце гэта добрая магчымасць узяць кнігі на месцы, каб лішні раз не выязджаць у горад. Мясцовая жыхарка в. Сяльцо А. Кандрацьева бярэ вялікую колькасць кніг для ўсіх членаў сям’і. У мінулым годзе сярод жыхароў вёскі яна была прызнана адной з тых, хто чытае больш за ўсіх. Дарэчы, чытачы з іншых населеных пунктаў таксама станоўча адгукаюцца пра дзейнасць бібліятэкара, кажуць, што для іх яна не проста работнік, але і свайго роду псіхолаг, які заўсёды выслухае і дапаможа.
Для бібліятэкара радасна бачыць, як вяскоўцы са шчырай усмешкай сустракаюць бібліёбус. Гэта сведчыць аб тым, што яшчэ шмат гадоў «бібліятэка на колах» будзе радаваць сваіх чытачоў!
Майя САЛДАЦЕНКА.