21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У кожнага чалавека яна свая — сакавітая, бацькоўская, прачытаная на старонках любімых кніг і пачутая ў меладычных песнях. Напярэдадні свята мы пагутарылі з Палінай Міхайлавай, прыемнай дзяўчынай і стараннай вучаніцай 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Гарадка». Яе вучэбныя поспехі і цікавасці ў адзінае аб’ядноўвае беларуская мова.
Паліне ёсць пра што расказаць: з 6 класа яна на павышаным узроўні займаецца вывучэннем беларускай мовы, а вынікам плённай падрыхтоўкі сталі выдатныя рэзультаты на абласных алімпіядах. Сярод іх — дыпломы ІІІ і ІІ ступеняў па беларускай мове і літаратуры ў восьмым і дзявятым класах, у мінулым годзе — бліскучая перамога на вобласці. У студзені 2021 г. Паліна Міхайлава стала ўладальніцай дыплому ІІ ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Распавядаючы пра гэтае перамогі, дзяўчына адразу з падзякай узгадвае сваю настаўніцу — Ірыну Міхайлаўну Салевіч. Менавіта любімы педагог заахвоціў вучаніцу да падарожжа ў багаты свет лексікі і фразеалогіі, падтрымаў ініцыятыву ўдасканальваць моўныя веды. У Паліны ёсць і свой дэвіз «Шчыраваць, шчыраваць і шчыраваць» (шчыраванне — усердие (руск.) гэтыя словы неаднаразова паўтараліся падчас далейшай падрыхтоўкі пераможцаў Віцебскай вобласці.
Мая субяседніца расказала, што беларуская мова суправаджае яе з дзяцінства: «Мы з маці часценька прыязджалі ў тэатр «Лялька» на пастаноўкі, ну і, канешне, ніводны вечар не абыходзіўся без «Калыханкі» па ТБ. Я вельмі люблю чытаць класікаў айчыннай літаратуры — У. Караткевіча і М. Багдановіча», — і дадала: «Радасна, што сябры паважаюць мой моўны выбар і, не цураючыся, падтрымліваюць дыялог. Размова з беларускамоўным чалавекам заўсёды збліжае, натхняе на добрыя справы і думкі».
У гэтым годзе Паліна пераходзіць на наступную жыццёвую прыступку — паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову. Пакуль яна разважае над спецыяльнасцю, але хоча працягнуць знаёмства з філалагічнай галіной.
«Люблю беларускую мову, яна для мяне — святая. Я ўсвядоміла, што гэта шчасце — ведаць яе, камунікаваць з дасведчанымі людзьмі, разумець адзін аднаго і працягваць захоўваць неацэнны народны скарб», — такімі прыгожымі словамі скончыла размову сапраўдная беларусачка.
Юлія ПРЫШЧЭПА.