Наіўнае мастацтва — гэта натхненне для душы

Актуальное Событие

15 студзеня ў Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі адбылося святочнае адкрыццё выставы інсітнага мастацтва «INSITUS‑2020», прысвечанай 380-годдзю нараджэння разьбяра і друкара В. Кораня, стваральніка Бібліі ў карцінках для народа. Па ініцыятыве Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і абласнога краязнаўчага музея VI нацыянальная выстава стала мабільнай і яе першая прэзентацыя сярод райцэнтраў адкрылася менавіта на Гарадоччыне.

Знакавая падзея сабрала шмат гасцей у выставачнай зале. Мерапрыемства пачалося з прывітальнага слова дырэктара музея Крысціны Нікалаевай і слоў падзякі кіраўніку Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяне Старынскай і дырэктару абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Екацярыне Лабука за тое, што яны далі магчымасць гарадакчанам пазнаёміцца з інсітным мастацтвам. Адметна тое, што яго традыцыі, у сваю чаргу, прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Таццяна Аляксандраўна расказала пра ідэю прэзентаваць выставу ва ўстановах культуры, а таксама пра галоўны яе пасыл — натхніць кожнага чалавека светлымі думкамі падчас знаёмства з інсітным мастацтвам. Екацярына Лабука ўручыла Крысціне Аляксандраўне кнігу куратара праекта, кандыдата мастацтвазнаўчых навук Людмілы Вакар «Мастацтва INSITA», а Таццяна Старынская ўзнагародзіла дыпломамі за ўклад у развіццё інсітнага мастацтва майстроў Гарадоцкага Дома рамёстваў Аляксандра Жандарэнку, Івана Каратаева, Кацярыну Шамардзінаву, Сяргея Міхайліка, Марыю Маісееву, якія таксама прадставілі свае працы на гэтай выставе. Майстры павіншавалі ўсіх з адкрыццём незвычайнай выставы і пажадалі прыемнага прагляду экспазіцыі.

Святлана Зуева, старшыня раённага Савета дэпутатаў, падкрэсліла важнасць мерапрыемства ў рэгіёне, багатым на таленты: «Нездарма першы паказ твораў інсітнага мастацтва прыйшоўся на нашай зямлі, якую можна з гонарам назваць «паўночнай культурнай сталіцай». Я ўпэўнена, што праект будзе цікавым і пазнавальным для людзей рознага ўзросту».
Марына Здольнікава, намеснік старшыні Гарадоцкага райвыканкама адзначыла, што магчымасць дакрануцца да мастацтва, адчуць эмоцыі і ідэі аўтараў праз іх працы — гэта найлепшы спосаб адысці ад рэальных навін і падзей.

Пасля афіцыйнай часткі ўсе прысутныя пазнаёміліся з жывапіснымі творамі, драўлянымі і керамічнымі вырабамі. Блізкія кожнаму сюжэты і краявіды на карцінах прыцягвалі ўвагу гледачоў. Каля 70 экспанатаў на выставе прадставілі майстры вобласці. Сярод іх пачэснае месца займалі і працы гарадоцкіх умельцаў.
Да канца лютага ўсе жадаючыя могуць натхніцца прыгажосцю выставы інсітнага мастацтва.
Крысціна Нікалаева, дырэктар Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея:
— Інсітнае мастацтва — спосаб аб’яднання людзей, нягледзячы на ўзрост, светапогляды і сацыяльнае становішча. Творцам можа стаць любы жадаючы, які проста возьме ў рукі фарбы і пэндзаль, кавалачак гліны або проста іголку з ніткай.
Супрацоўнікі нашага музея выказваюць шчырую падзяку калегам з абласнога краязнаўчага музея і метадычнага цэнтра за магчымасць першымі адкрыць праект-падарожжа работ майстроў інсітнага мастацтва па рэгіёнах Віцебскай вобласці. Усе творчыя працы не пакінуць абыякавымі нікога. Мы запрашаем на выставу «INSITUS‑2020» усіх, хто жадае адчуць сябе крышачку больш шчаслівымі.

Юлія ПРЫШЧЭПА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *