СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА ПРАЗ ПРЫЗМУ ЧАСУ

Актуальное

Сёння сельская гаспадарка Беларусі дынамічна развіваецца. Яна аказвае ўплыў на сацыяльна-эканамічнае становішча краіны, з’яўляецца галоўным складнікам аграпрамысловага комплексу. Гарадоччына — аграрны рэгіён, які ў раслінаводстве спецыялізуецца на вытворчасці зерня, бульбы, ільну, у жывёлагадоўлі — малака, мяса, яек. Наша сельская гаспадарка прайшла працяглы шлях станаўлення. Успомнім гісторыю яе развіцця на тэрыторыі нашага раёна і адзначым, як змяняліся формы ўласнасці на зямлю і вытворчы працэс на прадпрыемствах.


У пачатку 30-х у Гарадоцкім раёне існавалі розныя дзяржаўныя, кааператыўныя і грамадскія прамысловыя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка спецыялізавалася ў ільно-малочным напрамку. Пры калгасах дзейнічалі свінагадоўчыя, малочна-таварныя, па вырошчванню маладняку (цялят), каняводныя фермы. Саўгасаў было ўсяго два: «Загараны» і «Чырвоны Гарадок». У першым былі занятыя 152 рабочых, якія апрацоўвалі 1436,41 га сенапахаці, даглядалі за пагалоўем буйной рагатай жывёлы (налічвалася 316) і конямі (52). «Чырвоны Гарадок» меў садаводчую спецыялізацыю. Плошча сенапахаці складала 1000 га. Тут працавала 69 чалавек, а пагалоўе ската налічвала 121 і коней — 38. На той час у раёне ўсяго было 17 180 гаспадарак і 298 калгасаў.
Працавала МТС, тэхнічны парк якой складаўся з 29 трактароў. Яна абслугоўвала 68 калгасаў і мела рознае абсталяванне: складаныя малатарні, ільноцерабілкі, сеялкі і інш. У калгасах налічвалася наступная колькасць складаных сельскагаспадарчых машын: сенакасілак — 84, конных грабляў — 107, жняярак-снопавязалак — 5, самаскідак — 176, бульбакапалак — 13, сеялак радковых — 103, складаных малатарняў — 8 і г. д.


У 1932 г. у раёне пад пашні было адведзена 77 478 га, з якіх пад зерневыя культуры — 61,8%, бульбу — 9%, тэхнічныя культуры — 15,8%, травы — 10%. Льновалакна было нарыхтавана 1151 т, льносемя — 1016 т, саломы — 641 т.
Найбольш моцнымі гаспадаркамі, якія дайшлі да суцэльнай калектывізацыі, сталі створаныя ў 1918 г. камуны «Бярозна» і «Зара». Каля 80 камунараў «Бярозна» вялі шматгаліновую гаспадарку, апрацоўвалі 208 дзесяцін ворнай зямлі і 245 дзесяцін лугоў. Камуна «Зара» знаходзілася ў в. Ваўненкі Болецкай воласці. Першапачаткова яна аб’яднала 90 чалавек і мела 125 дзесяцін зямлі, больш за 100 жывёл і розны сельскагаспадарчы інвентар.
У сакавіку 1919 г. у в. Даўгаполле пачала дзейнічаць камуна «Чырвоны сцяг». Размясцілася яна ў маёнтку былога памешчыка Піоры, мела 17 коней, 33 каровы, 18 свіней з парасятамі, 12 калёс, 23 плугі і 16 барон. У 1929 г. за поспехі ў сельскай гаспадарцы камуна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга Беларускай ССР.
У пачатку 20-х пачалі ўзнікаць сельскагаспадарчыя кааператыўныя таварыствы. Адно з першых на Гарадоччыне было створана ў в. Кісялі, якое заснавалі сяляне.
З 1926 г. узмацніўся працэс аб’яднання ў кааператывы бядняцкіх і серадняцкіх мас. У раёне былі два малочныя таварыствы. У 1928 г. пачало працаваць Селішчанскае малочнае таварыства, у яго ўваходзілі 347 чалавек. Пры ім дзейнічалі 3 зліўныя пункты і маслазавод у в. Зарэчча. У 1929 г. арганізавана Аляксееўскае малочна-жывёлагадоўчае таварыства. За гэты год таксама ўтворана 6 ільнаводчых (дзе працавалі 1001 чалавек) таварыстваў, 6 машынных, 4 меліярацыйныя і 2 тарфяных.


Найбольшую сілу ў раёне прадстаўлялі малочныя кааператывы. 7 таварыстваў аб’ядноўвалі 1622 рабочых, якія даглядалі 2544 каровы і ў сярэднім за суткі перапрацоўвалі 7600 кг малака.
У справаздачы Гарадоцкага райвыканкама за 1926 г. аб стане калектыўных гаспадарак адзначалася: «На тэрыторыі раёна існуюць 2 камуны, 8 арцелей і саўгас, у распараджэнні якіх маецца 1134 дзесяціны зямлі , 79 коней, 192 каровы».
У студзені-сакавіку 1929 г. створана 6 калгасаў, у Пралетарскім сельсавеце арганізавана камуна імя Варашылава. Плошча яе зямельных угоддзяў складала 1500 га. Такая буйная гаспадарка на Віцебшчыне была ўпершыню. Да канца года на тэрыторыі раёна мелася 29 калгасаў, якія займалі плошчу 8352 га.
29-30 снежня ў 1929 г. у Гарадку праходзіў першы раённы з’езд калгаснікаў. Дэлегатаў віталі прадстаўнікі акруговага і раённага камітэтаў партыі, выканкамаў Саветаў, дэлегацыі з камун імя Леніна і «Чырвоны сцяг».
У гэтым жа годзе Гарадоччына была аб’яўлена раёнам суцэльнай калектывізацыі. У пастанове райвыканкама запісана, што ён калектывізаваны на 100%.
Да сярэдзіны 1932 г. было арганізавана 295 калгасаў, калектывізавана 6901 сялянская гаспадарка. Працэнт калектывыізацыі да канца года складаў 51,9.
У другой і трэцяй пяцігодках завяршыўся працэс стварэння калгасаў. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў межах сучаснага Гарадоцкага раёна іх дзейнічала 206. Яны аб’ядноўвалі звыш 15 тыс. сялянскіх гападарак і мелі жывёла — і птушкагадоўчыя фермы, сельскагаспадарчы інвентар. Калгасы абслугоўвалі 6 машынна-трактарных станцый, якія мелі 267 трактароў, 31 камбайн і інш. сельскагаспадарчыя механізмы.


Значную ролю ў 30-я гады адыгралі камсамольцы. Так, у перадавым калгасе «Полымя» іх налічвалася 20 чалавек. У ліку іх спраў — уцяпленне жывёлагадоўчага памяшкання, кантроль за расходам фуражу, кармленне жывёлы і г. д. Яны выступілі ініцыятарамі будаўніцтва калгаснага вадаёма. Пра камсамольцаў калгаса пісала ў свой час газета «Камсамольская праўда».
Пасляваенныя гады адзначаны цяжкай працай жыхароў раёна па аднаўленні разбураных гаспадарак. У 1966 г. у раёне іх налічвалася 35, плошча зямель складала 201 548 га, сельскагаспадарчых угоддзяў 125 773 га, мелася буйной рагатай жывёлы — 66 942 галавы, з якіх 31 704 каровы, 15 794 свіней, 4473 авечкі. 29 723 га засявалася зерневымі культурамі, 4295 га — льном, 4378 га — бульбай. Валавы збор збожжа склаў 28 270 т, бульбы — 42 522 т, льновалакна — 1218 т. Ураджайнасць гэтых культур — 7,7, 86, 2,8 ц/га адпаведна.
Вытворчасць малака — 25 931 т, мяса — 4867 т, удой на карову складаў 1820 кг, сярэднясутачны прывес буйной рагатай жывёлы — 405 г. У сельскай гаспадарцы працавалі 11 719 людзей. Рэнтабельнасць складала 15,5%.
Максімальны валавы збор зерня атрыманы ў 1976 г. — 72 327 т, ураджайнасць — 23,3 ц/га; збор ільновалакна склаў 2102 т, а ўраджайнасць — 5,2 ц/га.
У 80-х у калгасах і саўгасах было механізавана водазабяспячэнне, даенне кароў, прыгатаванне і раздача кармоў, уборка гною. Для працаёмкіх работ у сельскагаспадарчай вытворчасці выкарыстоўвалася 6470 электраматораў.
Усё пагалоўе ската абслугоўвалася падраднымі калектывамі. Атрымалі распаўсюджванне калектывы інтэнсіўнай працы, у 1988 г. іх было 29. У саўгасе «50 год ВЛКСМ» ён таксама існаваў і складаўся з 5 вопытных механізатараў. На дагаворнай аснове яны апрацоўвалі 621 га збожжавых і 340 га мнагалетніх траў. Канчатковыя вынікі іх працы аказаліся вышэй, чым ў сярэднім па гаспадарцы.
За 1986-87 гг. валавая прадукцыя с/г да сярэднегадавога ўзроўню папярэдняй пяцігодкі ўзрасла на 28%, у тым ліку вытворчасць малака — на 19%, мяса — на 72%.
У 90-я ўсе эканамічныя паказчыкі рэзка знізіліся. У 2002 г. колькасць гаспадарак зменшылася да 32, а працуючых стала 3492. Узніклі першыя фермерскія гаспадаркі, іх налічвалася 15, яны займалі 808 га сельскагаспадарчых угоддзяў. Добрыя вынікі ў жывёлагадоўлі паказала камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Паўночны».
Гарадоцкая птушкафабрыка дзейнічае ўжо шмат гадоў. У снежні 1971 г. стала дзеючай першая чарга прадпрыемства на 50 000 кур-нясушак. Першая прадукцыя была атрымана ў жніўні 1972 г., а ў 1973 г. прададзена 31,2 млн яек і 420 т мяса птушкі. У 1998 г. да Гарадоцкай птушкафабрыкі былі далучаны Віцебская, якая спецыялізвалася на вырошчванні рамонтнага маладняку, саўгас «Лосвіда», а з 2001 г. — саўгас «Вайханы».

Падрыхтавала Майя САЛДАЦЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *