Нямала вядомых асоб нарадзілася ў нашым краі. Сярод іх — ваенныя, педагогі, вучоныя. Сёлета 80 гадоў споўнілася беларускаму кліматолагу — Уладзіміру Логінаву. З радасцю публікуем біяграфічныя звесткі нашага земляка з выдання, прысвечанага 75-годдзю яго жыцця і навуковай дзейнасці.
Уладзімір Фёдаравіч нарадзіўся ў 1940 г. у в. Зялёнаўка Смалоўскага сельсавета Гарадоцкага раёна ў сям’і работніка лясной гаспадаркі. З пачаткам вайны Фёдар Логінавіч пайшоў на фронт, а яго жонка Дар’я Ігнацьеўна з дзецьмі чакала вызвалення ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Пасля вайны яны сустрэліся.
У чэрвені 1945 г. Логінавы пераехалі ў Гарадоцкі раён, дзе бацька — інвалід вайны — працаваў на лясных дзялянках. За першыя гады навучання сярэдні сын Уладзімір вучыўся ў некалькіх школах, па месцы працы бацькі. Смела штораніцы ён ішоў на вучобу па лесе, чуючы вой ваўкоў. Вольны час бавіў са старэйшым братам Лёняй, яны разам купаліся і лавілі ракаў. Пасляваеннае жыццё вучыла дзяцей самастойнасці і ўменню браць адказнасць за свае ўчынкі.
У Гарадок сям’я пераехала ў 1951 г. Напачатку яны жылі ў служэбным доме, а пасля пачалі будаваць сваё ўласнае жыллё. Валодзя вучыўся ў беларускамоўнай сярэдняй школе № 1 на вул. Стара-Невельскай. Яго любімая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Раманава Марыя Іванаўна верыла ў здольнасці свайго вучня, вучыла жыццёвай мудрасці, якая складаней за любы школьны прадмет.
З 16 гадоў Уладзімір працаваў у лясной гаспадарцы, працягваючы бацькаву справу. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю і сярэбраны медаль у школе працоўнай моладзі ў г. Стары Аскол у 1958 г., ён паступіў на арктычны факультэт Ленінградскага вышэйшага вучылішча імя адмірала С. Макарава, дзе атрымаў спецыяльнасць «акеаналогія (гідралогія мора)».
У аўтабіяграфічнай частцы выдання вучоны ўзгадвае, што любоў да навукі пра Зямлю, чытанне кніг па геалогіі, метэаралогіі, атмасферы паўплывалі на яго прафесійны выбар.
Навуковая дзейнасць У. Логінава звязана з пытаннямі змянення клімата. Пасля заканчэння аспірантуры ён за некалькі гадоў напісаў кандыдацкую дысертацыю, паспяхова яе абараніў і атрымаў працу ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце. У 1982 г. абараніў доктарскую дысертацыю.
Уладзімір Фёдаравіч працаваў у Расіі, Швейцарыі і ЗША. Шырокі кругагляд, эрудыраванасць, знаёмства з еўрапейскай навукай сталі карыснымі для Беларусі, калі У. Логінаў пераехаў у 90-я ў Мінск. Пад яго кіраўніцтвам пачаў развівацца новы напрамак — кліматалогія сутачных метэаралагічных назіранняў, які быў цесна звязаны з даследаваннямі клімату гарадоў. У 2010 г. Уладзімір Фёдаравіч распрацаваў Канцэпцыю экалагічнай бяспекі. Прызнаннем навуковых дасягненняў ў галіне кліматалагічнай навукі ў краіне стала абранне яго ў 1994 г. членам-карэспандэнтам, а ў 2000 г. — акадэмікам НАН Беларусі.
Сярод найбольш значных узнагарод — Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2002 г.), прэміі НАН Беларусі (1997 і 2007 гг.), медаль Францыска Скарыны (2009 г.).
Мы звязаліся з Уладзімірам Фёдаравічам, які паспяхова працягвае працаваць у Нацыянальнай Акадэміі навук. Ён з радасцю паразмаўляў з аўтарам артыкула, падзякаваў за ўвагу. Уладзіміра Фёдаравіча як папулярызатара новых ведаў па кліматычных зменах часта запрашаюць у перыядычныя выданні і на тэлебачанне для кампетэнтнага каментарыя па прагнозу надвор’я.
Падрыхтавала Юлія ПРЫШЧЭПА.