Памяць ахоўніцы беларускага народа

Актуальное Даты Культура

5 чэрвеня адзначаецца важнае рэлігійнае свята ў нашай краіне — дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Пачынаючы з 2007 г. праваслаўныя вернікі з усіх куткоў Беларусі і замежжа прыязджаюць памаліцца святой. Узгадаем жыццёвы і асветніцкі шлях Е. Полацкай.

Нарадзілася будучая святая прыкладна ў 1104 г. і мела імя Прадслава. Яна была дачкой віцебскага князя Святаслава Усяславіча, унучкай Усяслава Чарадзея. У кнізе «Жыціе прападобнай Еўфрасінні Полацкай» адзначаецца вялікая любоў Прадславы да навукі, добрыя здольнасці і працавітасць. У дванаццацігадовым узросце дзяўчынка адмовілася ад дынастычнага шлюбу, прысвяціўшы сваё жыццё Богу. Пасля пострыгу яна стала Еўфрасінняй.
У хуткім часе маладая верніца перайшла ў Сафійскі сабор. У маленькай келлі яна пачала перапісваць духоўныя кнігі. Грошы ад іх продажу ахвяравала бедным. У гэты ж час былая князёўна пісала свае кнігі, укладваючы ў іх усю мудрасць.
Епіскап Ілля блаславіў асветніцу на стварэнне побач з Полацкам Спаса-Прэабражэнскага жаночага манастыра. Тут жа была і школа для дзяўчат, у якой Еўфрасіння вучыла іх напісанню, карыснаму рамяству і закону Божаму.
У сяр. ХІІ ст. Е. Полацкая задумала пабудаваць каменную царкву. Асаблівае месца ў новым храме было адведзена Крыжу, які зрабіў лепшы ювелір Кіеўскай Русі Лазар Богша ў 1161 г.
Еўфрасіння Полацкая лічыцца заснавальніцай мужчынскага манастыра, а пры ім — царквы св. Багародзіцы. Усе святыя храмы сталі месцам, дзе моладзь навучалася пісьменнасці. Тут дзейнічалі бібліятэкі, ювелірныя і мастацкія майстэрні.
Знаходзячыся ў сталым узросце, асветніца вырашыла адправіцца ў паломніцтва на Святую зямлю. Знясіленая жанчына памерла і была пахавана недалёка ад Іерусаліма, у манастыры св. Феадосія. Пасля астанкі перавезлі ў Кіева-Пячэрскую лаўру. Толькі ў 1910 г. мошчы святой даставілі ў Полацк.
Знакаміты крыж знік у 1941 г., яго пошукі працягваюцца. У 1997 г. майстар Мікалай Кузьміч зрабіў дакладную копію, якая зараз знаходзіцца ў царкве Еўфрасінні Полацкай. Яго рукамі створана і сярэбраная рака для мошчаў.
У дзень памяці ўдзельнікі хрэснага ходу традыцыйна прайдуць ад Сафійскага сабора да Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра. Таксама плануецца правядзенне духоўна-асветніцкіх праектаў, відэамарафонаў, літаратурных і тэматычных мерапрыемстваў з улікам санітарна-эпідэміялагічных умоў.
Постаць Еўфрасінні Полацкай — першай жанчыны на нашых землях, прылічанай да ліку святых — упісана залатымі літарамі ў старонкі духоўнага жыцця і гісторыю культуры Беларусі.
Падрыхтавала Юлія ПРЫШЧЭПА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *