Узнікненне і развіццё друку — адно са значных дасягненняў чалавецтва. Яго можна параўнаць з люстэркам, у якім адбіліся ўсе сацыяльныя, палітычныя, духоўныя бакі жыцця. Працэс стварэння перыядычнага друку на беларускіх землях пачаўся на мяжы ХVII ст. Першае на тэрыторыі сучаснай Беларусі перыядычнае выданне — польскамоўная «Gazeta Grodzienska». Невялікая па памеры, падобная на лістоўку, яна друкавалася малым тыражом (да 300 экзэмпляраў) і выходзіла адзін раз на тыдзень з 1776 да 1783 г. у Гродна. Ініцыятары «Газеты Гродзенскай» звярнуліся за матэрыяльнай дапамогай да польскага караля, набылі абсталяванне для друкарні ў Вільні, а ў Паставах адкрылі завод па вытворчасці паперы. «Віцебскія губернскія ведамасці» — урадавая газета Віцебскай губерні (1838-1917 гг.). Рэдакцыя знаходзілася ў будынку на Смаленскай (Леніна) вуліцы г. Віцебска. Газета складалася з афіцыйнай часткі — распараджэнняў і загадаў, і неафіцыйнай, якая ўтрымлівала працы па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі і статыстыцы. Ведамасці выдаваліся два разы на тыдзень. «Мужыцкая праўда» — першая нелегальная беларускамоўная газета (1862-1863 гг.). Друкавалася лацінкаю. Выдавалася на Гродзеншчыне. Мела невялікі фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Выйшлі 7 нумароў. Мова «Мужыцкай праўды» — народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фальклорнай сімволікай, узбагачаная новымі словамі і паняццямі. «Наша доля» — легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку (1906 г.). Выдавалася ў Вільні. Друкавалася на беларускай мове, кірыліцай і лацінкай. «Наша ніва» — штотыднёвая грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета нацыяльна-адраджэнскага кірунку.
Выдавалася ў Вільні на беларускай мове (кірыліца і лацінка), з 1906 па 1915 гг. Вядомыя рэдактары аддзелаў: Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Вацлаў Ластоўскі, Ядвігін Ш., Сяргей Палуян. «Наша ніва» была свайго роду грамадскім інстытутам беларускай культуры. Гісторыя нашай газеты таксама распачынаецца ў пачатку ХХ ст. 27 сакавіка 1919 г. выйшаў другі нумар «Известий Городокского исполнительного комитета Совета рабочих и крестьянских депутатов». Першы нумар, на жаль, не захаваўся. Выданне тлумачыла сялянам ленінскія ідэі, прапагандавала дзяржаўную ідэалогію, пісала пра барацьбу са спекуляцыяй, а таксама асвятляла падзеі Гарадоцкай зямлі. Грамадскае і палітычнае становішча таго перыяду ўплывала на назвы выдання: «За социалистическую деревню» (1930 г.), «Колхозная правда» (1931 г.), «Большевистская правда» (1938 г.), «Сталинский призыв» (1956 г.), «За высокий урожай» (1957 г.), «Прамень камунізму» (1957 — 1991 гг.). Са студзеня 1991 г. газета называецца «Гарадоцкi веснiк». За ўвесь час існавання наша выданне было пачаткам для ўсяго новага і перадавога, што змяняла жыццё людзей.
На сённяшні дзень друкаваныя выданні не губляюць сваёй актуальнасці. Журналісты падаюць інфармацыю аператыўна, што дазваляе чытачам атрымліваць самыя важныя навіны горада і раёна своечасова. Кожны аўторак і пятніцу наша газета выходзіць у друк. Яе тыраж складае 2528 экзэмпляраў. Каласальная праца вядзецца для таго, каб усё было гатова і чытач даведаўся пра апошнія актуальныя падзеі.
Стварэнне газеты — гэта доўгі шлях, карпатлівая праца ўсяго калектыву рэдакцыі газеты «Гарадоцкі веснік» і Ўнітарнага паліграфічнага прадпрыемства «Віцебская абласная друкарня».
Пасля напісання карэспандэнтамі матэрыялу, ён рыхтуецца да друку і праходзіць некалькі этапаў. На камп’ютары аператары электроннага набору і вёрсткі ствараюць арыгінал-макет выдання пры дапамозе настольнай выдавецкай сістэмы «Adobe PageMaker». Выконваючы ўсе тэхнічныя патрабаванні, супрацоўнікі фармуюць палосы газет, вярстаюць тэксты і рэдагуюць фатаграфіі. Гатовы лічбавы варыянт яны перадаюць па электроннай пошце ў друкарню.
Аддзел дадрукарскай падрыхтоўкі паліграфічнага прадпрыемства г. Віцебска ў камп’ютарнай праграме ўважліва праглядае кожную паласу, выпраўляе памылкі і тэхнічныя недахопы, пакуль працэс друку яшчэ не пачаўся. Пасля гэтага друкары ўсталёўваюць формы і рэгулююць фарбы. Далей аператар пераводзіць нумар з лічбавага ў друкаваны. І дзякуючы трохузроўневай друкарскай машыне газета выходзіць у свет. Кантралёр-адпраўшчык пакуе пачкі газет, якія паштовыя машыны апасля дастаўляюць да месца прызначэння ў паштовыя аддзяленні. Далей паштальёны забіраюць «свежую шматтыражку», каб прынесці да вас.
Ідучы ў нагу з электроннымі тэхналогіямі, у 2019 г. быў створаны інтэрнэт-рэсурс газеты «Гарадоцкі веснік». Асноўны сайт garadvest.by абнаўляецца штодзень. Ён мае прывабную візуалізацыю, адаптаваны для мабільных прылад і адпавядае ўсім сучасным стандартам інтэрнэт-журналістыкі.
Калі вы завітаеце на наш сайт, то ўбачыце поўную версію тэкстаў з фотаздымкамі, адмысловыя банэры, навіны Гарадоцкага рэгіёну і ўсёй рэспублікі ў цэлым. Тут ёсць дадатковыя артыкулы, якія публікуюцца толькі выключна на сайце выдання. Чытачы могуць пакінуць свае каментарыі да любой публікацыі, а таксама, калі ёсць пытанні, якія цікавяць, адправіць у асабістыя паведамленні, дзе вам дадуць на іх адказы. На сайце размешчана ўся неабходная інфармацыя пра кошт індывідуальнай і ведамаснай падпіскі, платных паслугах газеты, а таксама інфармацыя для рэкламадаўцаў, службовыя кантакты работнікаў рэдакцыі і шмат іншага.
Акрамя афіцыйнага сайта створаны групы газеты ў найбольш папулярных сацыяльных сетках: «Вконтакте», «Одноклассники», «Twitter», «Facebook», «Instagram» і «Youtube ». У сацсетках размяшчаюцца кароткія вытрымкі з апублікаваных у газеце матэрыялаў з указаннем нумара газеты, у якой можна прачытаць поўны варыянт, і дадзена спасылка на сайт і электронную версію «Гарадоцкага весніка».
Як бачыце, наша газета пастаянна ўдасканальваецца, развіваецца і будзе далей працягваць радаваць сваімі матэрыяламі ўсіх чытачоў Гарадоцкага раёна.
Майя САЛДАЦЕНКА.