Матэрыялы і прылады пісьма, як мастацтва

Акции

Гартаючы сучасныя кнігі, чытач атрымлівае асалоду не толькі ад яе зместу, але і глянцавай паперы, якасных ілюстрацый і вокладкі. Цікава, а які выгляд мелі першыя рукапісныя крыніцы?

Распаўсюджанне пісьменнасці на ўсходнеславянскіх землях пайшло хуткімі крокамі пасля прыняцця хрысціянства. Нашы продкі рабілі надпісы на каменнях, драўніне, гліне, бронзе, пра што сведчаць археалагічныя матэрыялы. Паступова складаліся традыцыі славянскай рукапіснай кнігі. У ХІ-ХІІІ ст.ст. на землях нашых продкаў існавалі цэнтры пісьменнасці (Полацк, Гародня, Тураў, Бярэсце), у якіх развівалася майстэрства рукапіснай кнігі, ствараліся летапісы, узнікла справаводства.
У якасці матэрыялаў для пісьма на раннім этапе развіцця пісьменнасці выкарыстоўвалі пергамін, бяросту, дошчачкі, пакрытыя воскам. Сыравінай для вырабу пергаміна служыла скура. Яе апрацоўвалі скрабкамі, здымалі тлушч і поўсць, сушылі. Затым палатно выгладжвалі пемзай і адбельвалі крэйдай.
Арыгінальным матэрыялам для пісьма была бяроста — матэрыял для гаспадарчых запісаў, якія не патрабавалі доўгага захавання. Першыя граматы трапіліся даследчыкам пры раскопках у Ноўгарадзе, пасля — ў Віцебску, Мсціслаўлі, Смаленску і інш. гарадах.
Для пісання амаль заўсёды ўжываліся гусіныя пер’і, нашмат радзей — лебядзіныя. Найлепшае пяро — махавае, з левага крыла. Яно было зручным для пісання правай рукой. Для работы на бяросце і васкавых дошчачках ужываліся спецыяльныя пісалы — металічныя завостраныя шпількі. Іх таксама знаходзілі на раскопках у Беларусі.
Для стварэння рукапісаў выкарыстоўваліся чарнілы і рознакаляровыя фарбы. Да нашых дзён дайшлі іх рэцэпты, у якія ўваходзілі розныя інгрыдыенты — жалезны купарас, лісце бярозы, сажа, кара дрэў, іржавыя цвікі, чарнільныя арэшкі і нават мёд.
Фарбамі пісалі ініцыялы, застаўкі, загалоўкі, малявалі мініяцюры. Асновай для іх былі мінеральныя рэчывы, а таксама разнастайныя расліны. Кінавар (ружова-чырвоны) і вохра (жоўты, светла-чырвоны, аранжавы колер) ўжываліся для напісання першых літар у радку. Для ўпрыгожвання найбольш каштоўных і ўрачыстых рукапісаў мастакі-перапісчыкі ўжывалі залатую і сярэбраную фарбы — перацёртае ў парашок золата і серабро, да якіх дадавалася камедзь.
Вокладкі святых кніг ўпрыгожвалі скуранымі ўстаўкамі, срэбранымі пласцінамі і каштоўнымі камянямі. Кніжная фурнітура ўключала таксама і металічныя зашпількі, якія трымалі кнігу закрытай, пакуль ёю не карысталіся.
Гісторыя стварэння беларускай кнігі — старажытная і вельмі насычаная. Чытайце і шануйце адно з найважнейшых вынаходніцтваў цывілізацыі.
Падрыхтавала

Юлія ПРЫШЧЭПА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *